ГАРАДО́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

1) ганчарныя вырабы з г. Гарадок Віцебскай вобл. Найб. развіцця ганчарны промысел дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная гарадоцкая кераміка гасп. прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, вазонніцы, міскі, а таксама стараж. амфарападобныя пасудзіны з 2 ручкамі — карчагамі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневых колераў. Цяпер традыц. асартымент посуду вырабляе У.​Татарыс.

2) Ганчарныя вырабы з в. Гарадок Глускага р-на Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з старажытнасці. У 1930—70-я г. працавала ганчарная арцель, дзе выраблялі посуд традыцыйна быт. прызначэння (гаршкі, збаны, гладышы, слоікі, макатры, міскі, глякі; асобныя майстры выраблялі таксама фігурны посуд і цацкі). Посуд вызначаўся характэрнымі для Падняпроўя зграбнымі формамі, яго глазуравалі пераважна празрыстай палівай, часам дэкаравалі тыповымі для ганчарства гэтага рэгіёна выціснутымі хвалістымі паяскамі (стараж. сімвал вады).

Я.​М.​Сахута.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)